Цётка

        Элаіза Сцяпанаўна Пашкевіч (Цётка) (1876 - 1916).
Нарадзілася Алаіза Сцяпанаўна ў в. Стары Двор, Васілішкаўскай воласці, Лідскага павета (сёння — Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць, Беларусь) у шляхецкай сям'і. Мела двух братоў: Вацлаў і Язэп -  афіцэры 170-га Маладзечанскага пяхотнага палка; сясцёр: Стэфанія, Караліна і Софія.
Скончыла Віленскае прыватнае сямікласнае вучылішча Веры Міхайлаўны Прозаравай. Настаўнічала ў вёсцы. Вучылася на вышэйшых адукацыйных курсах П. Лесгафта ў Пецярбургу, атрыманыя веды па медыцыне, гігіене, педагогіцы, батаніцы пасля паспяхова выкарыстоўваліся Алаізай у жыцці. 
       Самымі раннімі з вядомых вершаў А. Пашкевіч (Цёткі) лічацца «Лета» і «Восень», апублікаваныя ў зборніку «Скрыпка беларуская» (1906). У іх па-майстэрску перададзены асобныя моманты сялянскай працы, апісваюцца летнія ігрышчы і восеньскі кірмаш.  Амаль адначасова з ім быў надрукаваны яе другі паэтычны зборнік — «Хрэст на свабоду» (1906), які прадстаўляе рэвалюцыйна-змагарскі напрамак яе творчасці.  Асноўныя матывы паэзіі Цёткі — любоў да радзімы, да прыроды, самаахвярнае служэнне народу. Цётка — адна з пачынальніц беларускай прозы. Яе апавяданні адлюстроўваюць настроі студэнцкай моладзі «Зялёнка», цяжкі вясковы побыт («Навагодні ліст»), гаротны лёс дзяцей, замучаных нечалавечымі ўмовамі жыцця ў капіталістычным грамадстве «Міхаська». 
   Пяру Цёткі належаць кніжкі і падручнікі для дзяцей «Лемантар», «Гасцінец для малых дзяцей», «Першае чытанне для дзетак беларусаў», публіцыстычныя артыкулы і нарысы, даследаванні па гісторыі беларускага тэатра.


Журавель i чапля


Жылі сабе па абодвух канцах балота Журавель і Чапля.
После стала ім надта маркотна жыць, і вот тут уздумаў Журавель да Чаплі ў сваты ісці. Ціпяху, ліпяху, сем вярстоў па маху, цераз бор ды ў Чапляў двор.
— Як маешся, Чапля?
— Здароў, Журавель.
— Ці не пойдзеш, Чапля, за мяне замуж?
— А твае ногі доўгія, пер'е каротка; дужа ты брыдкі... Ідзі сабе, дзе быў!
Журавель перабраўся ізноў цераз балота дый прыйшоў у свой двор. Раздумалася Чапля, што за Жураўля замуж не пайшла. «Дай, — кажа, — пайду да яго цераз балота і перапрашу».
Ціпяху, ліпяху, сем вярстоў па маху, цераз бор ды ў Жураўлёў двор.
— Здароў, Журавель!
— Як маешся, Чапля?
— Вазьмі мяне замуж за сябе.
— Твая шыя доўгая, і сіня, і крывая, і сама ты гарбата; такой мне не патрэбна.
Хаця было і стыдна, аднак Чапля паплялася цераз бор назад у свой двор.
Шкода стала Жураўлю, што не ўзяў Чаплю бедную, і зноў пайшоў ён тою самаю дарогаю. Ціпяху, ліпяху, сем вярстоў па маху...
Так цэлы век свой і хадзілі яны адзін да аднаго ў сваты, і так на абодвух канцах балота асталіся іх хаты.

Комментариев нет:

Отправить комментарий